Написал текст для земляков на тему перспектив сотрудничества славянских госуарств региона. Славянских — то есть без РФ. Интересные результаты. Даю без купюр: надеюсь украинская аудитория не будет иметь проблем с пониманием. А что российская аудитория? А вот тут мне действительно наплевать.

Текст опубликован на ресурсе «Салідарнасць»

________________________________

У папярэднім сваім тэксце для «Салідарнасці» я закрануў тэму вектара супрацоўніцтва Беларусі. А менавіта чаму Беларусі і Расіі наканавана аддаляцца адзін ад аднаго. Прычым незалежна ад таго, хто будзе сядзець на мяккіх крэслах у Мінску.

Сапраўды, калі браць простую статыстыку і разглядаць перспектывы, будучыня «саюзу з усходам» мякка кажучы туманная.

З іншага боку і арыентацыя проста на захад таксама ня можа быць панацэяй ад усіх «хваробаў дзяржавы». Тут прычынаў некалькі:

Падзел грамадзтва – балансаванне паміж дзьвюма цэнтрамі (ЕС і РФ) можна сказаць раздзірае і людзей і дзяржаву. У любым разе будуць прыхільнікі «развароту на 180о») А ці чакаюць нас там? На фоне істотных праблем ЕС і моцнага расійскага лобі вельмі сумнеўным выглядае хуткі рух Беларусі да паўнавартаснага сяброўства. Нават пры наяўнасці такога жадання сярод элітаў і ў грамадзтве. Эканамічныя чыннікі. Беларуская эканоміка пакуль не настолькі ўстойлівая каб адпавядаць крытэрам на ўступ. А досьвед Грэцыі, Гішпаніі ды Партугаліі у Брусэля сьвежы і навочны. Адпаведна і жадання «браць чарговую валізку без ручкі» мусіць ня будзе.

Кепска? Наўрад ці. Гэта рэчаіснасць. Але ўпадаць у роспач неразумна. Роўна як і глядзець на навакольны свет нават не ў плоскай сістэме каардынат, а ўздоўж толькі адной восі. Нават на мапе 4 бакі свету, а не два. Калі ж падумаць, магчымасцяў можа быць яшчэ болей – не абавязкова зазіраць куды далей. Вось пра адну зь іх і прапаную паразважаць.

У Беларусі вельмі папулярны тэзіс славянскага братэрства. Выдатна. Але чаму пад славянамі варта разумець жыхароў РФ? Славянаў на самой справе значна болей. І калі нават казаць «Саюз славянскіх народаў», то давядзецца падумаць якое з інтэграцыйных аб'яднанняў найбольш гэтаму адпавядае: мытны саюз з АДКБ ці ЕС ды НАТА?

Вось на гэтым варта больш уважліва зірнуць на славянскія дзяржавы. У першую чаргу тыя, што знаходзяцца непадалёк: Польшча, Украіна, Славакія ды Чэхія. Блізкія культуры, блізкія мовы і блізкія народы.

Славянскі свет – славянская эканоміка

Пачну з эканомікі. Дакладней з такога параметра як яе складанасць.

Для гэтага буду скарыстаю той жа інструмент, што і пры ацэнцы перспектываў узаемнага развіцця Беларусі і Расіі.

Паўтараць тэорыю не буду. Каму цікава – можна пачытаць папярэжні тэкст альбо пайсці да першакрыніцы – даследніцкай групы Harvard"s Center for International Development (CID) пад кіраўніцтвам Рыкарда Хаўсмана.

Сутнасць у наступным. Новыя веды, тэхналёгіі робяцца даступнымі пасля асваення некалькіх сумежных галінаў. Каб навучыцца лічыць, трэба асвоіць грамату, вывучыць як выглядаюць лічбы. Кожны тавар з'яўляецца дзякуючы прымяненню пэўнай колькасці ведаў. Далей схема простая. Таварныя групы пазначаюцца кружкамі. А сувязі між імі (тэхналагічная адлегласць) – лініямі. Атрымліваецца такі сабе граф.

На яго можна нанесці структуру экспарту дзяржавы. Адпаведна чым болей на графіку каляровых кругоў, тым больш дзяржава прадае розных тыпаў тавараў. Чым больш кругоў у цэнтры схемы (на перапляценні ліній) – тым складаней вытворчасць, тым большая у ёй доля навукі, ведаў. Кругі на "перыферыі" — гэта сыравіна. Вельмі просты бізнэс: "выкапаў-прадаў". Розуму для гэтага вялікага ня трэба.

На падставе падлікаў колькасці сувязяў між асвоенымі тэхналогіямі, даўжыні гэтых сувязяў і выводзіцца індэкс складанасці нацыянальных эканомік. Чым ён вышэй – тым больш шансаў дзяржава мае на развіццё.

Схема не статычная. Складанасць сусветнай эканомікі расце. І каб нават "застацца" на сваіх пазіцыях, трэба развівацца. Вучыцца, асвойваць новае. Беларусь больш-меньш трымаецца на сваіх пазіцыях. Украіна, нават на фоне вайны і крызісу таксама. РФ – падае.

Bel_Rus_compare-26.jpg

А вось калі замест РФ узяць дадзеныя іншых славянскіх дзяржаваў-суседак, вынік істотна адрозніваецца.

ECI_RCA=1-26.jpg

Як бачым паасобку ніводная з дзяржаваў па складанасці і развітасці сваёй эканомікі не можа спрачацца з эканомікай Нямеччыны. Яе я ўзяў за прыклад бо дзяржава на сёння ёсць адной з найбольш уплывовых у ЕС.

Але звярніце на ўвагу, што ўжо нават супастаўленне дадзеных Беларусі і Польшчы дае вельмі прывабную карцінку. Нават хуткі аналіз сукупнай складанасці эканомік уражвае. Па ўзроўню ЕСІ група супастаўна з нямецкім паказчыкам. І ўжо сёння можа быць адной з мацнейшых на кантыненце.

Пры гэтым (я сам здзівіўся калі рабіў візуалізацыю) эканомікі краінаў практычна не канкурэнтныя. Яны хутчэй дапаўняюць адна адну. Гэта азначае, што ў выпадку развіцця супрацоўніцтва мы не будзем мець унутранай канкурэнцыі. Дакладней, яна будзе, але не у вялікіх памерах і не па ключавых накірунках.

У такім выпадку нават адкрыццё рынкаў дзяржавамі не спрычыніць праблем са збытам прадукцыі. Хутчэй наадварот – будзе стымуляваць вытворчасць і гандаль. А тэхнічнае супрацоўніцтва узмоцніць пазіцыі дзяржаваў на іншых рынках. Як паасобку так і разам.

Гэта істотна адрозніваецца ад фармату працы Беларусі і Расіі, дзе па шэрагу пазіцый ёсць жорсткая унутраная канкурэнцыя.

Але дадзеная схема не паказвае усіх перспектываў. Я не здарма ўключыў у інфаграфіку такі параметр як "Натуральная канкурэнтная перавага" (Revealed Comparative Advantage, RCA). Гэты індэкс дэманструе наколькі краіна мае перавагу у той ці іншай групе тавараў. Калі RCA=1 – краіна вырабляе і прадае "справядлівую долю" тавара. Калі меней – яна не вырабляе яго у належнай колькасці. RCA>1 – маем перавагу. Краіна валодае тэхналогіямі і магутнасцямі, якія дазваляюць вырабляць тавары, што іншыя не могуць.

RCA можа перавышаць 1 і ў іншых групах. Калі такія тавары на перыферыі схемы – маем справу з сыравінаю. Але тут ужо ўплыў розуму чалавека мінімальны. Што Бог даў, тое і маеш.

А цяпер прапаную зірнуць на аналагічную пададзенай вышэй схему. Толькі у дадзеным выпадку адлюстроўваюцца таварныя групы з вельмі вялікімі канкурэнтнымі перавагамі.

ECI_RCA=5-26.jpg

І вось тут яшчэ адна прыемная нечаканасць. Калі браць тавары з высокай канкурэнтнай перавага, то бачым, што графік РФ істотна не змяніўся – карысных выкапняў на гэтай тэрыторыі сапраўды багата.

А вось графік Нямеччыны стаў "пусты". Дзяржава не мае "прарыўных" таварных групаў. Вырабляе прыкладна "сваю долю". І мае грошы за кошт гандлю з тымі, хто не валодае адпаведнымі тэхналогіямі.

На гэтым глядзім "зведзеныя графікі" славянскіх дзяржаваў. І вось яна нечаканасць – графік далёка не пусты. Кожная краіна мае веды, тэхналогіі і тавары з высокай доляй навуковай працы. І гэтыя тавары маюць каласальную канкурэнтную перавагу. Індэкс у 5 (!) разоў перавышае паказчыкі "справядлівай долі". Гэта не сыравіна – гэта складаныя тэхналогіі з высокай дададзенай вартасцю.

Вось вам і адказ што патэнцыялу супрацоўніцтва славянскіх дзяржаваў. Ён ужо сёння перавышае канкурэнтны патэнцыял эканомікі Нямеччыны. Натуральна не паасобку, а разам. Але ж ніхто не забараняе пачаць працу па збліжэнню эканомік.

Славянскі свет – славянская навука

Эканоміка эканомікай, але час зірнуць на навуку. Бо калі ты маеш прарывы ў той ці іншай галіне, арганізаваць вытворчасць – справа не такая ўжо і складаная. У рэшце рэшт ты можаш зарабляць як тыя ж ЗША на гандлі тэхналогіямі. Прадаваць веды.

З аднаго боку мы памятаем шырока распаўсюджаны тэзіс пра Расію як моцную навуковую дзяржаву. Зноў раю звярнуцца да папярэдняга артыкула каб самастойна зрабіць высновы так гэта ці не.

А зараз паспрабую надаць інфармацыю што на развіцця навукі. І ўзгадаю ключавыя параметры у дадзенай галіне. Гэта колькасць навуковых работ і іх якасць. Якая вымяраецца, сярод іншага такім простым параметрам як цытаванне. Гэта значыць колькі іншых навукоўцаў спасылаюцца на работу. Калі спасылак шмат – прызнаньне добрых думак, логікі, і запатрабаванасці. А таксама таго, што ты першы дайшоў да тых ці іншых высноваў. Калі цытуюць мала – навуковая праца нікому не патрэбная. Альбо яна не актуальная, альбо хібная альбо гэта проста копіпаст – перапісванне таго, што да цябе 100 разоў напісалі іншыя.

Пачнём з колькасці. Агульны аб'ём навуковых работ, якія былі апублікаваныя ў профільных выданнях штогод расце. Масіў публікацый у прамежку з 2001 па 2013 вырас амаль у 2 разы. Гэта дадзеныя SCOPUS – арганізацыя, што вядзе падлікі і аналіз навуковай дзейнасці па ўсім свеце.

Уводзіны скончылі – час паглядзець як выглядае Беларусь і іншыя краіны у сусветным навуковым таварыстве.

Дзеля гэтага я проста ўзяў дадзеныя па агульнай колькасці навуковых прац па кожнай з дзяржаваў за 2001,2009 і 2013 гады. Калі браць абсалютныя лічбы – Расія можа ганарыцца колькаснымі паказчыкамі. У той жа час яна ужо ў разы адстае ад развітых навуковых супольнасцяў (ЗША, Францыя, Японія, Брытанія, Кітай).

Паўтару: За 13 год сукупны аб'ём навуковых артыкулаў у свеце вырас ўдвая. Краіны былога СССР дэманструюць іншую дынаміку. З 2001 году РФ не дацягнула ў росце нават 50%. Украіна, якая дэманстравала горшую дынаміку прыскорылася з 2009 году. І сёння яе тэмпы прыросту вышэй за беларускія ці расійскія.

А вось Беларусь пачала адставаць. З 2009 году рост практычна не назіраецца. Хаця да таго колькасныя паказчыкі павялічваліся сінхронна з расійскімі. Працэс стаў такім пасля ўваходжання краіны у Мытны саюз.

Памятаеце тэзіс пра тое, што Расія дасі штуршок беларускай навуцы. Статыстыка кажа адваротнае. Дынаміка навуковых даследаванняў замарудзілася. А ў расійскім росце, вельмі верагодна, ёсць "беларускі след". Ідзе працэс пераманьвання навукоўцаў. Нашая краіна без навукі, але з тэзісам, што "зблізімся з Масквой больш – вось вось пойдзе".

science111-26.jpg

Але ж найбольш цікавым падаецца аналіз дадзеных іншых славянскіх народаў. Палякаў, чэхаў і славакаў. Тэмпы прыросту колькасці навуковых работ у гэтых краінах перавышаюць сусветныя. З 2001 году палякі выдалі ў 3 разы, славакі – у 2,6, чэхі – у 2,5 разы болей навуковых работ.

Ды нават па абсалютных лічбах Польшча ў 2001 ў 2,3 разы адставала ад РФ. Сёння розніца колькасці навуковых работ каля 22%. І ёсць дынаміка росту. Славакія, якая ў 2001 годзе мела 50% перавагу ў колькасці публікацый над Беларуссю давяла яе ў 2013 да 400%. І далей расце.

Аднак, справядліва кажуць "колькасць не азначае якасць". Згодзен. І таму прыводжу дадзеныя цытавання на адну работу за 2013 год:

Беларусь: 2.38 Чэхія: 2,13 Польшча: 1,86 Славакія: 1,72 Расія: 1,34 Украіна: 1,19

Так, Беларускія навуковыя работы дастаткова высокай якасці. Іх цытуюць. І улічваючы розніцу ў якасці з РФ зразумела чаму Расія спрабуе займацца "імпартам мазгоў" з Беларусі. Ці выгадна гэта нам – мяркую, абмяркоўваць не варта. Тым, хто лічыць што выгадна параю ўзгадаць хаця б 5 тэхналогій, што былі перададзены нашай краіне за апошнія 10 год. Маю на ўвазе перададзеныя Расіяй. Ці якія сталі беларускай уласнасцю пасля сумесных распрацовак. Пакуль атрымліваецца іначай: распрацоўкі сумесныя – уласнасць РФ.

Але досыць ужо жаліцца на лёс. Гэта марнаванне часу. Лепей ацаніць перспектывы. Маем беларускую навуку,якая пакуль дастаткова высокай якасці, але можа пакаціцца долу з прычыны браку кадраў і колькасці работ.

Побач маем пакуль магутную навуковую машыну. Якая сёння фактычна працуе на холаста. Альбо проста стварае уражанне працы – індэкс цытавання работ таму пацвярджэнне. Пры гэтым гэтая машына ўсё болей і болей адстае ад канкурэнтаў. Як вінтавы самалёт, які паставілі ганяцца з рэактыўным знішчальнікам: быццам бы ляціць і нават прыгожа, але хуткасці не хапае крытычна.

З другога боку ёсьць некалькі дынамічных механізмаў. Якія былі яшчэ ўчора не заўважнымі. А сёння набралі ход і адзін за адным абыходзяць у гонцы новых лідараў. У рэйтынгу SCOPUS гэта выражаецца як у паказчыках колькасці так і якасці.

Застаецца рытарычнае пытаньне: што больш выгадна з пункту гледжання развіцця. Спрабаваць сесці на крыло упэўненаму у сваёй выбітнасці старому ці кааперавацца з маладымі, разумнымі і дынамічнымі?

Славянскі свет – перспектывы

Такім чынам прынамсі з пункту гледжання эканамічных магчымасцяў, перспектываў навуковага развіцця супрацоўніцтва з бліжэйшымі суседзямі-славянамі значна больш выгоднае і карыснае чым спроба адбудаваць Мытны саюз і яшчэ болей наблізіцца да РФ.

Адпаведна ўзнікаюць два пытання: "што з гэтым рабіць?" і "як рабіць?".

Натуральна, што простыя дэкларацыі пра геапалітычны разварот бессэнсоўныя. Больш за тое – шкодныя. Калі ў цябе ёсьць рэсурс яго варта выкарыстоўваць. Адпаведна, пакуль супрацоўніцтва з РФ нясе пэўную карысць – можна і працаваць. Але галоўнае – глядзець у будучыню. І не рушыць старога, а будаваць новае.

Гэта азначае максімальную інтэнсіфікацыю працы з суседзямі-славянамі. Праграмы навуковай кааперацыі, сумесныя прадпрыемствы, міждзяржаўныя пагадненні па узаемным адстойванні інтарэсаў і г.д. Што да падпісання пустых папераў з "лёсавызначальнымі словамі" — такіх нападпісвалі багата. Плёну ад іх мала. Дык навошта нанова пераводзіць паперу. Калі выпрацаваная палітыка, бачная мэта, можна і проста рабіць.

І тут мы ўпіраемся у яшчэ адну тэму. Збліжэнне між дзяржавамі, як вядома, гэта рух двухбаковы. Адпаведна варта вызначыцца з адказам яшчэ на чатыры пытанні:

1. Ці ёсць пасьпяховы досьвед такой супольнай працы? Бо іначай задумы могуць пераўтварыцца ў "пражэктарства".

2. Ці ёсць воля элітаў на такое збліжэнне?

3. Наколькі такія ідэі будуць успрынятыя грамадзтвам?

4. Як на гэтае адрэагуюць знешнія гульцы?

У такой схеме паспрабую і надаць пэўную аргументацыю.

Досьвед посьпеху. Самае цікавае, што так. Есць досвед поспеху славянскай інтэграцыі і супольнай, скаардынаванай працы дзяржаваў. Гэта Вышэградзкая група. Чэхія, Славакія, Польшча і Венгрыя свайго часу дамовіліся на палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва. У выніку, дзякуючы ў тым ліку супольным эканамічным праграмам яны выйшлі з крызісу пачатку-сярэдзіны 90-х. Мала таго, нават уступленне у ЕС адбывалася скаардынавана. І чатыры краіны не "выконвалі патрабаванні Брусэлю", а здолелі задаць свой парадак дня – уступалі у тым ліку і на сваіх умовах. Не прагадалі.

Супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны у эканоміцы, палітыцы і навуцы таксама нельга назваць марным. Менавіта "украінскі накірунак" рабіў магчымасці збліжэння Менску з ЕС. Узаемны гандаль з 2005 году вырас больш чым у 10 разоў. Навуковае супрацоўніцтва у пэўных кірунках (новыя матэрыялы, ракетныя тэхналогіі) ужо сёння прыносіць прыбытак. І гэта без пустых размоваў пра "братэрства і агульны лёс". Проста супольны пошук перспектыўных накірункаў працы.

Адпаведна пасьпяховы досьвед узаемадзеяння ёсьць ва ўсёй групе. І, варта адзначыць, што ён мае карэннае адрозненне ад праектаў з РФ. Масква любіць расстаўляць партнэраў "па ранжыру". Вызначаць хто "старэйшы", а хто не. У працы Беларусі і Украіны, у фармаце Вышэградзкай групы такі падыход уявіць цяжка.

Воля элітаў. Ідэі рэгіянальнага супрацоўніцтва вельмі папулярныя сярод элітаў краінаў. Гісторыю пакіну ў спакоі. Але толькі за апошнія 8 месяцаў:

Прэзідэнт Польшчы заявіў пра намер стымуляваць працэсы рэгіянальнага супрацоўніцтва і каардынацыі дзеянняў У Украіне пачалася дыскусія (на вышэйшым ўзроўні) пра мэтазгоднасць інтэнсіфікацыі кантактаў з суседнімі краінамі і стварэння такога сабе "пасу эканамічнай і палітычнай бяспекі" Беларусь пачала кантакты і кансультацыі з Вышэградзкай групай. Не паасобку, а арганізуючы супольныя сустрэчы і дыскусіі на ўзроўні міністраў замежных спраў.

Таму можна смела казаць, што прынамсі частковае разуменне важнасці збліжэння краінаў сярод элітаў ёсць.

Успрыняццё грамадзтвам. Вось тут якраз прасцей за ўсё. Ідэі славянскай блізкасці сфармуляваныя даўно. І, магчыма не адкрыю таямніцу, тэрмін славянскі свет прыдумалі не ў Расіі. Ягоныя аўтары – харвацкія і чэскія філосафы ды палітыкі. А "звужаць" канцэпцыю да Беларусі Украіны і Расіі стала модна ў Маскве. Ды й тое не так даўно – багата ў чым з падачы Лукашэнка.

Сама ж ідэя "славянскага свету" не супярэчыць нават беларускай ідэалогіі. Бо ў нашай краіне кажацца менавіта пра славянаў а не пра "русскій мір". Палякі, чэхі, славакі і ўкраінцы самыя што ні на ёсць сапраўдныя славяне. Таму дадзены фармат можа быць выкарыстаны цяперашнімі ўладамі нават у выпадку канфрантацыі з РФ. Маўляў, "мы сваіх пазіцый не мянялі – мы заўсёды былі за славянскае братэрства". А тое, што адзін са славянаў на гэта можа паспрабаваць пакрыўдзяцца – ягоныя праблемы.

Пазіцыі знешніх гульцоў. Натуральна, што Расія наўрад ці будзе ўспрымаць працэсы збліжэння ў рэгіёне спакойна. Але нават украінскі крызіс паказаў, што рычагоў уплыву ў РФ ўсё меней і меней. І хоць крыху скаардынаваная пазіцыя славянскіх дзяржаў рэгіёна дазваляе эффектыўна абараняць свае інтарэсы. Прыклад – выхад Украіны з-пад спробаў РФ арганізаваць газавую і нафтавую блакады за кошт працы са Славакіяй, Польшчай і Беларуссю.

Што да ЕС, то фармат збліжэння з Саюзам без спробаў "хутка ўступіць" таксама досыць цікавы для Брусэля. Гэта здымае галаўны боль і змяншае рызыкі. Рызыкуе не ўвесь ЕС, а ягоныя "славянскія чальцы". Якія на гэтае згодныя.

Іншая справа, што пасля можа змяніцца баланс сіл. І ці задаволіць Берлін ці Парыж узнікненне новага моцнага гульца – невядома.

Але калі казаць пра знешніх гульцоў, то не варта зноў гаворку зводзіць да прымітыўнага ЕС-РФ. Напрыклад, Польшча традыцыйна спрабуе увесці амэрыканскі і брытанскі фактар у свае стасункі з ЕС. Балтыя цягне скандынаўскія краіны. У Беларусі сёння бачныя спробы праводзіць палітыку па уцягванню у рэгіён Кітаю, ЗША і Вялікабрытаніі. Гэта самадастатковыя і моцныя фігуры. Адпаведна яны ўжо аказваюць уплыў. Нават намінальнай прысутнасцю. Калі ж працэсы пойдуць далей і не на адну краіну – будзе фармавацца зусім іншая канфігурацыя. І той жа "тройцы моцных і геаграфічна далёкіх" не зашкодзіць моцны і надзейны партнёр у рэгіёне.

Пададзены вышэй тэкст – спроба паглядзець крыху пад іншым вуглом на магчымасці развіцця Беларусі. Адна са спробаў. Бо такіх магчымасцяў ёсць прынамсі некалькі. І яны могуць стаць рэальнасцю пры ўмове абмеркавання, выпрацоўкі палітык і іх рэалізацыі. Што да тэксту – спадзяюся ён той ці іншай мерай падштурхне абмеркаванне. А гэта – першы крок. Далей, як кажуць "працуй пільна і будзе Вільня".

_________________

Тэкст спадабаўся? Можна падзякаваць аўтару. Словам, пашырэннем думак ці капейкай.

Апошняе прымаецца праз сістэму WebMoney.

Кашалёк у далярах ЗША Z293974971904

Для украінскіх чытачоў картка ПріватБанк: 5168 7423 0834 3288